Фотафакт. У Вялікую суботу у Ракаве благаславілі новыя званы для касцёла

Як паведамляе партал catholic .by, тры новыя званы былі адлітыя ў польскай майстэрні Фэльчынскіх на ахвяраванні ракаўскіх эмігрантаў Здзіслава Янчэўскага і яго спачылай жонкі Ядвігі.

Варта адзначыць, што званы былі адноўлены дзякуючы фотаздымку ракаўскага касцёла 1930-х гадоў, на якім мясцовы пробашч кс. Станіслаў Жук зняты побач са святынямі. Як расказаў catholic.by пробашч ракаўскай парафіі кс. Дзмітрый Барыла, гэтыя званы правіселі ў касцёле да 1950-х, калі ў савецкі час храм закрылі, прыстасаваўшы пад зернясховішча і майстэрню для грузавых машын.

«Да сёння невядома, дзе знаходзяцца тыя званы, — кажа кс. Дзмітрый. — Вядома, што іх скінулі. Нават кажуць, што дзесьці закапалі. Але ці праўда гэта? Знайсці іх так і не ўдалося».

У 1993 годзе на сродкі ракаўскіх эмігрантаў, якія пражываюць у Польшчы, касцёлу быў падараваны звон «Ян Павел», які ўсталяваны ў святыні.

І вось нядаўна, дзякуючы ахвяраванням сям’і Янчэўскіх, у ракаўскі касцёл вярнулі і прататыпы папярэдніх званоў, каб было «як раней».

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч благаславіў новыя званы, а таксама благаславіў стравы на велікодны стол, прынесеныя ў гэты дзень парафіянамі. Таксама іерарх памаліўся пры Гробе Пана ў святыні.

Фота: catholic.by

 Новости Беларуси Сегодня