Як беларусізуюць квіткі грамадскага транспарту на прыкладзе Магілёва

Новы беларускі квіток і стары расейскамоўны

 

З гісторыі беларусізацыі квіткоў…

Спробы беларусізаваць квіткі грамадскага транспарту распачалі год таму прадстаўнікі грамадзянскай ініцыятывы «Умовы для мовы» Аліна Нагорная і Ігар Случак у межах кампаніі «Беларускім месцам квіткі па-беларуску».

Першыя запыты яны зрабілі ў Міністэрства транспарту, а потым пераключылісь на абласных перавозчыкаў. Пазітыўна на прапанову адрэагавалі ў Брэсцкай, Гомельскай ды Магілёўскай абласцях. У некаторых райцэнтрах рэакцыя была насцярожаная.

Цяпер ініцыятары беларусізацыі квіткоў зацікаўленыя, каб самі грамадзяне далучалісь да гэтага працэсу.

 

«З незадаволенымі беларусізацыяй квіткоў паразумеемся па-людску»

У аб’яднанні «Магілёўаблаўтатранс» запэўніваюць: беларуская мова для мясцовага грамадскага транспарту не ў навінку. У аўтобусах ды тралейбусах даўно абвяшчаюць прыпынкі па-беларуску ды прадаюць беларускамоўныя праязныя.

Цяпер, каб дасягнуць аднастайнасці, выдрукавалі на беларускай мове і квіткі на адну паездку. Яны зʼявіліся ў продажы напачатку ліпеня.

Праязныя білеты ў Магілёве

«Пагатоў пачалі звяртацца з такімі прапановамі і грамадзяне», — адзначае намеснік генеральнага дырэктара аб’яднання Мікалай Антусаў. Ён дапускае, што знойдуцца пасажыры, незадаволеныя беларусізацыяй квіткоў.

«Такім будзем па-людску тлумачыць сітуацыю, — даводзіць суразмоўца. — Але, мяркую, гэта не настолькі прынцыповае пытанне, якое будзе перашкаджаць жыць. Знойдзем паразуменне».

 

«Памылку выправім. Дызайн удасканалім»

Мясцовыя знаўцы мовы заўважылі памылку ў сказе на квітку. Мікалай Антусаў дзякуе за гэта і запэўнівае, што яе выправяць у наступнай партыі.

Не выключае ён і таго, што папрацуюць у аб’яднанні яшчэ і над дызайнам талону.

Новыя квіткі з памылкай: «згодны» замест «згодна»

«Пастараемся напоўніць яго магілёўскім характарам, каб стаў прывабнейшым і яго маглі пакінуць на памяць госці гораду», — даводзіць суразмоўца.

Па ягоных словах, цяперашні выгляд квітка прапанавала друкарня, а «Магілёўаблаўтатрансу» было важна, каб талон ды тэкст на ім адпавядалі правілам аўтамабільных перавозак, а таксама былі практычнымі і чытабельнымі.

Мікалай Антусаў не сказаў, у якую суму абышоўся выдрук беларускамоўных квіткоў. Ён запэўнівае, аднак, што на кошце праезду гэта не адаб’ецца, бо расходы ўнутрыгаспадарчыя.

З ягоных слоў вынікае, што новымі квіткамі паступова заменяць старыя расейскамоўныя.

«Замаўлялі друкаванне беларускіх квіткоў невялікімі партыямі, каб спраўдзіць, як іх успрымуць пасажырамі, — тлумачыць Мікалай Антусаў. — У свой час расейскамоўных шмат зрабілі, а потым выяўляліся хібы, але забракаваць жа іх не маглі, таму ў абароце былі, пакуль не распрадалі. У новых якасць паперы лепшая ды і адрываюцца лепей».

 

«Памылак можна было б пазбегчы, калі б звярталіся да прафесіяналаў»

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім усцешаная пашырэннем беларускай мовы ў сферы транспарту ды вяртання яе ў актыўны ўжытак. Што да памылак, то яны —  сведчанне замалой практыкі ўжывання мовы.

Квіткі грамадскага транспарту ў Магілёве

«Вядома ж такіх памылак можна пазбегчы, калі б звярталіся да адпаведных прафесійных устаноў, ці асобаў, напрыклад, настаўнікаў беларускай мовы», — даводзіць Алена Анісім і нагадвае:

«У нас жа ёсць інстытут мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук, дзе таксама маглі б дапамагчы, як гэта цяпер робіцца з перакладам кодэксаў на беларускую мову».

 Новости Беларуси Сегодня